Ад яе засталася толькі легенда і адзін стары фотаздымак у пашпарце: у рамках «Т.О.К.» адбудзецца прэм’ера  праекта «Прымітывы» пра Алену Кіш. 27 чэрвеня ў прасторы «ОК16» Аляксандр Марчанка прадставіць спектакль, заснаваны на ўспамінах пра беларускую мастачку, якая займае пачэснае месца ў гісторыі выяўленчага мастацтва паміж Анры Русо і Ніка Пірасмані. У пастаноўцы паводле п’есы Аляксея Андрэева галоўную ролю выконвае Алесь Малчанаў.


Алена Кіш – мастачка-самавучка з індывідуальным поглядам на сусвет і творчасць, жанчына без свайго дома і сям’і, творца, ад якой засталася толькі легенда. Спектакль «Прымітывы» вяртае да сучаснасці трагічную гісторыю Алены Кіш. Беларуская мастачка з наваколля Слуцка зарабляла на жыццё, ствараючы «дываны-маляванкі» для вясковых жыхароў. У пастаноўцы асоба і лёс Алены Кіш становяцца ўвасабленнем часу, які не прымае інакавасць.


Тэатральны праект «Прымітывы» пабудаваны на матэрыялах пра жыццё Алены Кіш: дзённікавых запісах аднавяскоўца Кіш, Грыгорыя Гардзея, які апісваў будні вёскі, дзе яны жылі; газетных артыкулах таго часу. Важнай часткай тэатральнага даследавання з’яўляюцца разважанні нашых сучаснікаў – мастакоў, гісторыкоў, культуролагаў – аб значэнні асобы і творчасці мастачкі ў грамадстве, дзе паняцце «мастачка» па-ранейшаму ўспрымаецца далёкім ад сацыяльнага жыцця.


«Гісторыя праекта «вырасла» з нашых розных, але вельмі асабістых адносін не толькі і не столькі да творчасці Алены Кіш, колькі да яе трагічнага лёсу. Мы збіралі матэрыял для п’есы ў падарожжах па Беларусі, у архівах і бібліятэках. Думалі аб культурнай і эмацыйнай памяці, аб ідэнтычнасці, якая будуецца на гэтай памяці… Мы думалі. І працягваем думаць.


Наш праект – гэта не толькі пастаноўка спектакля, але і дыскусія вакол яго. Яна павінна вывесці ў грамадскае абмеркаванне тэмы, закранутыя ў «Прымітывах». Да гэтай дыскусіі мы запрашаем не толькі экспертаў ў галіне культуры, але і ўсіх зацікаўленых гледачоў, якія паглядзяць спектакль», – распавядаюць стваральнікі праекта.


Для рэжысёра Аляксандра Марчанкі гэта ўжо чацвёрты спектакль, створаны сумесна з «АРТ Карпарэйшн». У 2017 годзе ён паставіў site-specific праект  «Anti[gone]». У рамках праекта сёння «Т.О.К.» праходзяць паказы яго пастановак «Опіум» паводле п’есы Віталя Каралёва і «З вучылішча» па п’есе Андрэя Іванова.


Падрабязней пра праект чытайце на сайце «Прымітываў». Сачыце за навінамі на artcorporation.by і ў сацыяльных сетках Instagram, ВКонтакте, Facebook.


Набыць квіткі магчыма на сайце artcorporation.by альбо па тэл. +375 44 490 48 99, а таксама на bycard.by, bezkassira.by, kupalauski.by, kassy.by і smsbilet.by.


Партнёр праекта «Лятучы ўніверсітэт».